УША́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР Ва Ушацкім, Полацкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка. Уключае больш за 60 азёр агульнай пл. больш за 75 км². Найбольшыя: Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер’е, Янова, Бярозаўскае, Крывое, Гамель. Вадазбор 803 км², пераважна разараны, прадстаўлены комплексам ледавіковых і водна-ледавіковых форм рэльефу. Спалучэнне розных тыпаў азёрных катлавін, озавых град, якія іх акружаюць, і камавых узвышшаў, часта парослых лесам, стварае маляўнічы ландшафт. Азёры злучаны невял. шматлікімі рэкамі, ручаямі, канавамі, праз шэраг азёр цячэ р. Дзіва. З пабудовай плаціны перад воз. Гомель узровень У.г.а. зарэгуляваны. У некат. азёрах вугры, ракі. Па берагах азёр выяўлены стаянкі першабытнага чалавека Месца адпачынку і турызму. Воз. Крывое (эталон чыстых мезатрофных вадаёмаў) — азёрны заказнік.